Паслугі


Блефарапластыка (пластыка павекаў)


Як бы нам ні карцела працягнуць маладосць і захаваць прывабны выгляд, узрост і заўсёдныя стрэсы пакідаюць няўмольны адбітак на абліччы чалавека. З кожным годам скура губляе здольнасць да поўнага самастойнага аднаўлення, і гэта не можа не засмучаць. Калі  індывідуальна падабраныя дыета ды касметычныя сродкі ўжо не працуюць, прыспявае час звярнуцца да аднаго з найбольш дзейсных спосабаў аднаўлення — пластычнай хірургіі.

Скура твару і шыі надзвычай далікатная і найбольш схільная да ўзроставых змен, асабліва гэта тычыць павекаў і вобласці вакол вачэй (перыарбітальнай). Стома, недасып і хваляванні адбіваюцца на стане тканак павекаў. Гэтаксама і празмерныя эмоцыі, праявы радасці ды смутку адаб’юцца на скуры перыарбітальнай вобласці.

Эластычнасць скуры знікае, на твары з’яўляюцца дробныя зморшчкі і так званыя «мяхі пад вачыма». Адкарэктаваць навісанне скуры і неглыбокія зморшчкі кансерватыўнымі сродкамі, вядома, магчыма. Але ж толькі да пэўнага моманту. На жаль, у сталым веку ўнікнуць хірургічнай карэкцыі немагчыма, таму пластыка павекаў, альбо блефарапластыка, пазбавіць ваш твар непажаданых здабыткаў.

Гэта цікава!

Упершыню пластыка павекаў згадваецца яшчэ ў працах Авіцэны (X ст.), які апісаў станоўчы эфект амаладжэння пасля выдалення навіслай скуры на верхніх павеках. Еўрапейская медычная літаратура апісвае аперацыі на павеках ужо напрыканцы XVIII стагоддзя, калі публікацыя з’явілася ў адным з венскіх выданняў. Хірург Graefe ў 1818 годзе ўвёў ва ўжытак тэрмін «блефарапластыка» (даслоўны пераклад — стварэнне павека). Доктар ужыў гэтае азначэнне для апісання аднаўленчай методыкі пасля выдалення пухліны павека.

Ад пачатку XIX стагоддзя еўрапейскія хірургі пачалі паўсюдна практыкаваць касметычныя і рэканструкцыйныя аперацыі на павеках. З’явіліся дэталёвыя справаздачы аб выдаленні лішкаў скуры ў такіх спецыялістаў, як Mackenzie і Alibert, Graf і Dupuytren. Напрыканцы XIX стагоддзя ў медыцыне ўкараніўся тэрмін «тлушчавыя кілы». Тлушчавая абалоніна была ўпершыню выдаленая ў 1929 годзе доктарам Bourguet, які пачаў практыкаваць транскан’юнктывальны доступ цягам аперацыяў выдалення тлушчавых наватвораў у вобласці ніжніх павекаў.

Ад 1940 года медыцынскія крыніцы пачалі згадваць выдаленне лішкаў тлушчавай абалоніны як асноўную частку блефарапластыкі. У 1951 годзе ў публікацыі хірурга Castanares былі дэтальна апісаныя будова і размешчанне «тлушчавых кілаў» павекаў. Сёння існуе мноства варыяцыяў пластычнай тэхнікі блефарапластыкі. Усе яны дзейсныя і паўсталі вынікам эвалюцыйных дасягненняў у медыцыне.

Ведама, што скура павекаў — найтанчэйшая на чалавечым целе. Яе таўшчыня меншая за міліметр, а пад ёю месціцца пляскатая колавая цягліца вока, што адказвае за змыканне павекаў і нармальную працу вачэй. Але ж тонкая скура мае і перавагі: яна загойваецца шмат хутчэй за тканкі іншых тыпаў. Таму бальшыня пацыентаў пасля аперацыі блефарапластыкі не адчуваюць працяглага дыскамфорту. Шнар цягнецца ўздоўж прыроднай складкі павека, таму сляды аперацыі практычна незаўважныя.

Тонкая злучальнатканкавая мембрана — вачніцавая пярэтыка — месціцца пад колавай цягліцай. Яна запаўняе сабой усю вольную прастору вачніцы, не даючы вочнаму яблыку дэфармавацца і ссоўвацца.

Складку на верхнім павеку (у расплюшчаным стане вока) ўтварае скура, прымацаваная да цяглічных валокнаў. Колавай цягліцай вока кіруюць шматлікія нэрвовыя валокны, што ўяўляюць сабой дробныя адгалінаванні агульнага тваравага нэрву. Яны ўваходзяць у цягліцу каля яе ніжняга і вонкавага краёў.

Сутнасць блефарапластыкі

Блефарапластыка — гэта эстэтычная аперацыя, адна з найбольш папулярных у сучасных клініках.

Працэдура прыдатная пацыентам у веку 20–65 год і нават старэйшым. Аднак найчасцей да блефарапластыкі звяртаюцца пасля 35 год.

У маладзейшым веку аперацыю прызначаюць у наступных выпадках:

  • Пры спадчыннай схільнасці да дэфармацыі і навісання павекаў, а таксама пры выяўленым лішку перыарбітальнага тлушчу ў абсягу ніжняга павека. Падобная з’ява вядомая як «тлушчавая кіла», што праяўляецца ў мяхах пад вачыма.
  • Другая прычына звароту да блефарапластыкі ў маладым веку — карэкцыя дэфекту пад назвай «навісанне верхніх павекаў». Характарызуецца такі стан лішкам скуры і перыарбітальнай тлушчавай абалоніны.

Цягам узроставых зменаў памяншаецца не толькі пругкасць скуры, але й гнуткасць іншых структураў, якія ўтрымліваюць перыарбітальную тлушчавую абалоніну. У выніку гэтага лішак перыарбітальнага тлушчу выпінаецца вонкі.

Блефарапластыка цалкам або часткова выпраўляе гэтыя праблемы, ратуючы пацыента ад прыкметаў старэння. Аперацыя можа здзяйсняцца як пад мясцовым, так і пад агульынм болепатоленнем. Займае яна ад 30 хвілін да 1,5 гадзін (у залежнасці ад аб’ёму), звычайна не вымагае шпіталізацыі і працяглага перыяду аднаўлення.

Гэта істотна!

Блефарапластыка — эстэтычная аперацыя, не разлічаная на скасаванне дробных зморшчкаў на скуры павекаў і ў вонкавых кутках вачэй («гусіныя лапкі»). Блефарапластыка не дае рады з гіперпігментацыяй павекаў.Пацыентам з гэтымі праблемамі варта звярнуцца да працэдураў дэрмабразіі, хімічнага пілінгу ці лазернага амаладжэння перыарбітальнай вобласці.

Асноўныя падставы для блефарапластыкі:

  • функцыянальныя праблемы (навісанне верхніх павекаў, якое мае вынікам звужэнне агляду);
  • птоз або апушчэнне верхніх павекаў;
  • візуальныя ўзроставыя змены, што закранулі вобласць верхніх і ніжніх павекаў.

Індывідуальна падбіраецца тэхніка выканання блефарапластыкі. Да прыкладу, у простых выпадках пацыентам у 35–40 год досыць простага выдалення лішкаў перыарбітальнай тлушчавай абалоніны, якое ладзяць праз транскан’юнктывальны доступ. Затое пацыентам з больш складанымі праблемамі (узроставымі або спадчыннымі) можа спатрэбіцца выдаленне лішкаў скуры і нават колавай цягліцы вока з кантапластыкай і ліфтынгам броваў (ц)і падцяжкай тканак на скронях.

Што варта ведаць падчас падрыхтоўкі да аперацыі?

Перад тым як ісці на аперацыю, патрэбна сабраць як мага больш інфармацыі пра тое, што ў вас наперадзе. Пасля працэдуры не павінна заставацца нейкіх непаразуменняў, таму ўсё, што вас цікавіць, лепш даведацца ў вашага доктара на кансультацыях.

Аптымальны вынік блефарапластыкі — жывы і адкрыты позірк без прыпухласцяў і мяхоў вакол вачэй. Не варта ўскладаць на аперацыю нездзяйсняльных спадзяванняў. Адна невялікая працэдура не можа вырашыць усіх праблемаў. Таму трэба ведаць і разумець, што блефарапластыка можа змяніць, а чаго — не.

Калі пацыент пакутуе на частыя набраканні вакол вачэй, дык ёсць імавернасць, што ён сутыкнецца з гэтаю праблемай і пасля аперацыі, бо гэтую схільнасць блефарапластыка не выпраўляе. З другога боку, выдаленне лішкаў тлушчу ды скуры паменшыць колькасць тканак і як вынік — зробіць набраканні менш відавочнымі.

Звярніце ўвагу на становішча сваіх броваў. Яны таксама могуць спрычыніцца да лішкаў скуры на верхніх павеках. Часам пацыенткі звяртаюцца да блефарапластыкі, спадзеючыся ўнікнуць «стомленага» выгляду вачэй. Але ж калі ў іхным выпадку праблема мае прычынай не толькі стан тлушчавай абалоніны ды скуры, але й слабасць цягліцаў, што падымаюць верхнія павекі, дык з гэтым дадуць рады іншыя хірургічныя ўмяшанні, якія можна здзейсніць адначасова з блефарапластыкай.

Калі вы пераймаецеся з невялікіх тонкіх зморшчкаў вакол вачэй і моцнай пігментацыі, таксама не варта разлічваць на блефарапластыку, яна тут не дапаможа. Ваш выбар — хімічныя альбо лазерныя пілінгі. Аднак усе запланаваныя працэдуры трэба абмяркоўваць са сваім хірургам. Высокая адказнасць у лекаванні ды ўвага да свайго арганізму дапамогуць вам унікнуць непрыемных казусаў, захаваць здароўе й дасягнуць жаданых вынікаў.

Часам раздражненне вачэй мае прычынаю недахоп слёзнай вадкасці і стомлены выгляд вачэй можа быць абумоўлены парушэннем працы, да прыкладу, слёзных залозаў. У такіх выпадках, перш чым планаваць блефарапластыку, неабходна атрымаць кансультацыю афтальмолага. Ён спраўдзіць ваш зрок, магчыма, знойдзе нейкія не выяўленыя раней хібы. Звярніце ўвагу таксама на неабходныя захады перад аперацыяй:

  • Адмоўцеся ад палення тытуню цягам 10–14 дзён перад працэдурай.
  • За 2 тыдні спыніце прыём лекаў, якія могуць павялічыць рызыку крывяцёкаў.
  • На саму аперацыю трэба прыходзіць нашча (у тым выпадку, калі яна плануеца пад агульнай анэстэзіяй).

Тэхніка выканання аперацыі

Блефарапластыка можа выконвацца як пад агульнай, гэтак і пад лакальнай анэстэзіяй. Выбар болепатолення залежыць ад стану пацыента ды аб’ёму запланаванага аперацыйнага ўмяшання.

Пластыка верхніх павекаў

Перад аперацыяй лекар вызначае колькасць скуры, якая мае быць выдаленай, і пазначае месцы для разрэзаў. Цягам аперацыі выдаляюцца пазначаныя абсягі скуры, часам таксама часткі цягліцы, выдаляецца альбо пераразмяркоўваецца лішак тлушчавай абалоніны.

У далейшым вы можаце не турбавацца за свой выгляд — разрэз зашываецца ўнутрыскурным касметычным швом. Гэта гарантуе адсутнасць бачных знакаў аперацыі.

Пластыка ніжніх павекаў

Перад аперацыяй хірург ладзіць агляд і вызначае наяўнасць лішку скуры ніжніх павекаў, яе пругкасць. Хірург можа карыстаць адзін з двух шляхоў доступу:

  • Скурны — лекар робіць разрэз скуры ніжняга павека крыху ніжэй за вейкавы край. Тлушчавую абалоніну можна: выдаліць, пераразмеркаваць, дадаць у выпадку яе нястачы. Таксама гэты шлях доступу ўжываюць для іншых працэдураў, такіх як кантапластыка, падцяжка сярэдзіны твару, кантапексія. Лекар можа пры патрэбе выдаліць не толькі лішак скуры, але й лішак цягліцы. Разрэз сшываецца касметычным (унутрыскурным) швом.
  • Транскан’юнктывальны — ужываецца, калі пацыент не мае лішку скуры. Разрэз робіцца на ўнутранай паверхні, на кан’юнктыве. Перыарбітальны тлушч альбо пераразмяркоўваецца хірургам, альбо выдаляецца. Гэты шлях доступу пажаданы, калі няма лішку скуры і рызыкі правісання яе пасля выдалення абалоніны.

Пааперацыйны перыяд

Перыарбітальная вобласць моцна розніцца сваёй будоваю ад іншых вобласцяў чалавечага цела. У абсягу верхніх і ніжніх павекаў пад скураю месціцца цягліца (m.orbicularis oculi), у іншых вобласцях пад скурай месціцца тлушчавая абалоніна. Гэтая адметнасць забяспечвае лепшае крывезабеспячэнне, а гэта значыць — хуткае загойванне. Швы з павекаў можна зняць ужо на 2–3 дзень пасля аперацыі.

Блефарапластыка — досыць простая й дзейсная аперацыя, здольная не толькі палепшыць выгляд вачэй, але шмат у чым і змяніць вобраз чалавека ў цэлым.

Адразу пасля аперацыі пацыент мае заставацца ў гарызантальным становішчы не менш за адну гадзіну. Да павекаў гэтым часам прыкладаюць астуджальныя маскі, лёд і г. д. Зазвычай пасля аперацыі пацыент не зазнае нейкіх боляў, таму болепаталяльнікі не патрабуюцца.

Не палохайцеся, калі першыя два-тры дні давядзецца хадзіць з набраканнямі ды сінякамі. Яны хутка сыдуць: паблякнуць, пажаўцеюць, нарэшце, знікнуць зусім. Праз 10–13 дзён ад іх не застанецца ані знаку. Для хутчэйшага загойвання ў гэты перыяд вы можаце карыстаць крэмы ды мазі.

Ужывайце антысептычныя вочныя кроплі, пакуль будуць знятыя ўсе швы. Большасць пацыентаў зазначаюць, што да гэтага часу яны выглядаюць ужо досыць прывабна, але яшчэ адчуваюць напругу ў павеках. Неўзабаве яна сыдзе. Для хутчэйшай папраўкі лепей пазбягаць істотных фізічных нагрузак. Поўны вынік бачны праз 3 месяцы пасля аперацыі.

Што трэба ведаць пра ўскладненні

Варта ведаць, што дакладнае выкананне ўсіх этапаў аперацыі практычна засцерагае вас ад непажаданых наступстваў. Тым не менш ускладненні пасля блефарапластыкі у адзінкавых выпадках здараюцца, нават калі хірург дасведчаны. Найчасцей пад такімі ўскладненнямі разумеюць ледзь заўважную змену формы вока, яго «скругленне». У выніку вялікага нацягнення ніжняга павека (праз выдаленне значнага аб’ёму скуры) могуць апусціцца вонкавыя куткі вока, альбо нават магчымы выварат ніжняга павека — эктрапіён. У большасці выпадкаў гэтае ўскладненне знікае само з цягам часу. Калі гэтага не адбылося, можа спатрэбіцца паўторная аперацыя дзеля карэкцыі такой праявы.

Пасля кожнага аперацыйнага ўмяшання ёсць рызыка запаленчых працэсаў і крывяцёкаў. У выпадку блефарапластыкі яны досыць рэдкія. Але ж у выпадку іх узнікнення вам будзе неабходная дапамога хірурга.

Звяртайцеся ў медыцынскі цэнтр «Конфідэнс», каб даведацца пра кошт паслугаў, атрымаць кансультацыі дасведчаных дактароў і змяніць сваё жыццё да лепшага. Мы клапоцімся пра вашае здароўе ды камфорт!

mee

Наш медыцынскі цэнтр называецца «Конфиденс», што азначае - «давер». Менавіта «давер» з'яўляецца нашым крэда. І нашы пастаянныя кліенты ўжо шмат гадоў давяраюць нам. Медыцынскі цэнтр «Конфиденс» - мы робім усё, каб апраўдаць ваш давер!