Медыцынскі цэнтр Канфідэнс у Мінску

Панядзелак-Субота 08:00-21:00
Сб, Нд і святочныя дні 09:00-18:00

г. Мінск, вул. Прытыцкага, 39
ст. метро "Спартыўная"

Павелічэнне грудзей

Шмат у якіх культурах чалавечай цывілізацыі жаночыя грудзі лічацца сімвалам жаноцкасці ды сэксуальнасці. Нядзіва, што з гэтай прычыны шматлікія прадстаўніцы прыгожага полу, імкнучыся да большай прывабнасці і пэўнасці ў сабе, звяртаюцца да пластычнае хірургіі, а менавіта — эстэтычнай хірургіі малочных залозаў.

У гэтым артыкуле мы распавядзем, як адбываецца карэкцыя формы і аб’ёму жаночых грудзей пры дапамозе імплантаў.

Анатомія ды фізіялогія малочнай залозы

Малочная залоза складаецца з наступных тканак:

  • тлушчавай;
  • залозаватай;
  • злучальнай.


Таксама яна змяшчае чуллівыя нервовыя валокны ды крывяносныя судзіны. Пад малочнай залозай месціцца вялікая грудная цягліца.

Малочная залоза кабеты на працягу ўсяго яе жыцця зазнае змяненні масы ды аб’ёму. Гэта вядзе да незваротнай эстэтычнай эвалюцыі грудзей. З гадамі памяншаецца аб’ём залозаватай тканкі, яна замяшчаецца тлушчавымі клеткамі. Тлушчавая тканка праз свае фізічныя ўласцівасці істотна ўплывае на выгляд грудзей. У аспекце прыгажосці цяжка казаць пра норму, але ж у рэльефнай анатоміі жаночага цела адрозніваюць эстэтычныя нормы грудзей маладой дзяўчыны ды сталай кабеты.

Грудны імплантат

Пратэз грудной залозы нагадвае рэзервуар. Ягоная абалонка зробленая з сіліконавага эластамеру. Унутры месціцца, часцей за ўсё, сіліконавы гель, адзін з найбольш папулярных напаўняльнікаў на сёння. Іншыя магчымыя варыянты:

  • фізіялагічная рошчына;
  • біясумяшчальны гель.


Імпланты бываюць:

  • паводле формы — круглыя ды анатамічныя;
  • паводле фактуры абалонкі — гладкія ды тэкстураваныя.


Разгледзім падрабязней кожны тып грудных імплантаў.

Запоўненыя сіліконавым гелем

Амерыканскія хірургі з Х’юстану Thomas Cronin ды Frank Gerow ў 1961 годзе вынайшлі імплантаты, якія запаўняліся сіліконавым гелем. І гэтае адкрыццё паўстала сапраўдным прарывам у пластычнай хірургіі малочнай залозы. Аўтары вынаходкі прадалі патэнт на вытворчасць кампаніі Dow Corning Corporation. Першая аперацыя з гэтым тыпам імплантаў адбылася ў 1962 годзе. Аднак з цягам часу шмат хто з пацыентак пачалі звяртацца ў Dow Corning з судовымі пазовамі праз пабочныя эфекты.

Рэч у тым, што першыя імплантаты былі недастаткова дапрацаваныя. Нізкая якасць прадукцыі ледзь не давяла кампанію да банкруцтва, і яна была вымушаная адмовіцца ад гэтага кірунку бізнэсу ў ЗША. Агульнапрызнанымі ды ўхвалёнымі цяпер лічацца імпланты з сіліконавым напаўненнем пятага пакалення. У залежнасці ад кампаніі-вытворцы яны маюць некаторыя адрозныя характарыстыкі ды ўласцівасці, але ж адно ў іх агульнае: іх імплантацыя не выклікае развіцця аўтаімунных альбо канцэрагенных працэсаў у жаночым арганізме. Кожны дзень найлепшыя спецыялісты ды інстытуты займаюцца спраўджваннем іх бясшкоднасці ды кантролем якасці.

Запоўненыя фізіялагічнай рошчынай

Фізіялагічнай завецца рошчына 0,9 % кухарскай солі ў вадзе. Менавіта таму імпланты з фізіялагічнаю рошчынай у якасці напаўняльніку завуцца «салінавымі» альбо «солевымі». У 1964 годзе французскі хірург Henri Arion прэзэнтаваў усяму свету сваё адкрыццё: сіліконавы рэзервуар імплантаў магчыма запаўняць не чужародным сіліконам, а фізіялагічнаю рошчынай. Такая тэхналогія выключала шмат якія ўскладненні, што выклікаліся сіліконавымі імплантамі. Аднак навукоўцы працягвалі пошукі ідэальнага напаўняльніку. Выдатнай альтэрнатывай да сіліконавага гелю і фізіялагічнае рошчыны ў выніку паўстаў біягель.

Запоўненыя гелем карбоксіметылцэлюлозы (біягелем)

У пачатку 1980-х гадоў той самы французскі хірург Henri Arion прэзентаваў сваю інавацыйную распрацоўку — біягелевыя імпланты. На іх стварэнне навукоўцу спатрэбілася 10 год лабараторных і клінічных выпрабаванняў.

Біягель ёсць прыродным палімерам (3,7 % рошчынай КМЦ — карбоксіметылцэлюлозы), які атрымоўваюць з цэлюлозы. Напаўняльнік не дае адчування «цвёрдых» грудзей, як сілікон, і не булькоча падчас руху, як фізіялагічная рошчына. Яшчэ адна перавага: калі ў тканкі трапляе сіліконавы гель, яго выдаленне магчымае адно пры дапамозе хірургічнага ўмяшання. А біягель мае ўласцівасць біядэградацыі. Гэта значыць, што ў выпадку пашкоджання абалонкі імпланту біягель у тканках распадзецца на глюкозу, ваду ды вуглякіслы газ.

Паверхня імплантату

Абалонка імплантатаў можа быць гладкая альбо тэкстураваная. Пасля ўсталявання імпланту вакол яго ўтвараецца фіброзная капсула. Гэта нармальная рэакцыя арганізму на наяўнасць у мяккіх тканках іншароднага цела. Аднак з часам капсула выяўляецца залішне шчыльнай і праз гэта здзяйсняе празмерны ціск на абалонку імпланту. Гэта можа зрабіцца прычынай дэфармацыі абрысу грудзей. Завецца гэтая з’ява — капсулярная кантрактура. Каб зменшыць рызыку яе ўтварэння, пачалі ўжываць імпланты з тэкстураванаю абалонкай. Але ўсё ж пытанне аб тым, які тып паверхні імпланту абраць, трэба абмяркоўваць непасрэдна са сваім хірургам.

На рынку таксама прысутнічаюць імпланты з пакрыццём з мікраполіурэтанавай пены. Іх выкарыстанне зводзіць да мінімуму рызыку ўтварэння грубай капсулы. Але ж, нягледзячы на гэта, падобныя імпланты не атрымалі шырокага распаўсюджвання праз тое, што прадукты распаду поліурэтану канцэрагенныя. Канцэнтрацыя канцэрагенаў надзвычай малая, і медыкі пагадзіліся, што няма падстаў для поўнага адмаўлення ад такіх імплантаў — найчасцей іх раяць выкарыстоўваць для паўторных аперацый у выпадку паўставання капсулярных кантрактураў. Але ж зразумела, што нават невялікая рызыка анкалагічных хваробаў вымушае шмат каго шукаць альтэрнатыўныя варыянты.

Форма

Найбольш пашыраныя сярод усяго спектру формаў ды памераў дзве катэгорыі імплантаў: круглыя ды анатамічнай формы.

Выбіраць найбольш аптымальную для вас форму лепш разам са сваім хірургам. Толькі гэтак вы здолееце дасягнуць пажаданых вынікаў аперацыі.

Што вы мусіце ведаць пра аперацыю

Аперацыя выконваецца пад агульным наркозам і цягнецца 1–2 гадзіны. Хірург рассякае тканкі ды ўводзіць у адмыслова створаную «кішэню» пратэз. Калі імплант усталяваны, хірург сшывае разрэз і накладае павязку на шво. Часам патрабуецца ўсталяванне адмысловых дрэнажоў на час да 1 сутак.

Месцазнаходжанне імпланту

Паводле становішча імпланту адносна вялікай грудной цягліцы вылучаюць наступныя віды размяшчэння:

НазваДзе змяшчаецца імплант
РэтрагландулярнаеПрастора паміж вялікаю грудной цягліцай ды тканкамі малочнай залозы
РэтрафасцыяльнаеПад залозай — у прасторы паміж фасцыяй вялікай грудной цягліцы ды самой цягліцай
РэтрапектаральнаеПаміж вялікай грудной цягліцай і грудной клеткай, але такім чынам, што верхні полюс імпланту захінуты цягліцай, а ніжні — тканкамі залозы
РэтрамускулярнаеЗ усіх бакоў імплант захінуты вялікаю грудной ды пярэдняю зубчастай цягліцамі

Хірург абірае аптымальную методыку ў індывідуальным парадку для кожнай пацыенткі. Улічваюцца асаблівасці кожнае методыкі.

Месца разрэзу

Падчас аперацыяў павелічэння памеру грудзей магчымыя тры варыянты хірургічнага доступу: вакол арэалы смочку (каляарэалярны), праз грудную складку (падгрудны), у вобласці падпахавай упадзіны (падпахавы). Разгледзім адрозненні паміж гэтымі шляхамі.

  • Каляарэалярны. След ад разрэзу ледзь заўважны, аднак ступень траўматызацыі залозаватай тканкі значна вышэй, калі параўноўваць з іншымі разрэзамі.
  • Падгрудны. Ад разрэзу застаюцца больш заўважныя сляды, пры гэтым тканка залозы ніяк не шкодзіцца.
  • Падпахавы (у падпахавай упадзіне). Разрэз пакідае па сабе заўважныя сляды, шнары часам пігментуюцца і схільныя да гіпертрафіі, кантроль размяшчэння імпланту ўскладнёны, але ж залозаватая тканка траўмуецца мінімальна.


У кожным выпадку хірург абірае месца рассячэння тканак і шлях імплантацыі супольна з пацыенткай.

Рэабілітацыйны перыяд пасля аперацыі

Тканкі адаптуюцца да новага памеру грудзей. Гэта можа заняць пэўны час. Менавіта таму цягам пааперацыйнага перыяду пацыентка можа сутыкнуцца з балючымі праявамі, прыпухласцю, павялічанай чуллівасцю, стомай ды напругай.

Каб палегчыць ход гэтага перыяду, для падтрымкі і фіксацыі грудзей выкарыстоўваюцца:

  • эластычныя павязкі;
  • адмысловыя станікі.


На працягу ўсяго перыяду рэабілітацыі пацыентка знаходзіцца пад назіраннем хірурга. Як правіла, да офіснай працы можна вярнуцца ўжо праз 2–3 дні пасля паспяхова здзейсненай аперацыі. Але ж цягам не менш чым 1 месяцу (а звычайна і даўжэй) трэба пазбягаць фізічных нагрузак, унікаць заняткаў спортам і фізічнай працы.

Запішыся на прыём ужо сёння
Запоўніце форму ніжэй (усе палі абавязковыя) і мы звяжамся з вамі на працягу 15 хвілін
Online-запіс да лекара
Націскаючы кнопку «Запісацца на прыём», вы згаджаецеся з умовамі апрацоўкі дадзеных і ўмовамі апрацоўкі дадзеных і палітыкай прыватнасці

Панядзелак-Субота 08:00-21:00
Сб, Нд і святочныя дні 09:00-18:00

г. Мінск, вул. Прытыцкага, 39
ст. метро "Спартыўная"

Звязацца з адміністратарам
Націскаючы кнопку «Адправіць», вы згаджаецеся з умовамі апрацоўкі даных і палітыкай прыватнасці
Мы выкарыстоўваем cookie-файлы для найлепшага прадстаўлення нашага сайта.